За статуснымі ведамі — у Альхоўку

За статуснымі ведамі — у Альхоўку //Настаўнiцкая газета. 15 лiпеня, 2014 года.
Вольга Слаута, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Слоніма.

Бяжыць наперад дарога. Мільгаюць тэлеграфныя слупы, высакавольтныя лініі. Мінаюць вёскі і вёсачкі, мястэчкі. Куды вядзе мяне гэтая нязведаная дарога? На паказальніках чытаю знаёмыя назвы: Навагрудак, Іўе, Ашмяны... Недзе збоку засталася пляцоўка будучай беларускай АЭС. А вось і яна — Альхоўка. Кіламетр дарогі лесам — і жаданы паказальнік «Летнік фізікаў — 2014». Адразу неяк стаілася сэрца, трывожна стала на душы: як сустрэнуць альхоўцы, што чакае наперадзе? Я ж упершыню прыехала сюды, у знакамітую Альхоўку.

Нясмела выйшла з машыны і адразу ўбачыла, што насустрач ідзе чалавек з лагоднай і прыветлівай усмешкай. Гэта быў не хто іншы, як гаспадар летніка настаўнікаў у Альхоўцы Мікалай Іванавіч Запрудскі. Ад яго прывітання і шчырай усмешкі адразу стала на душы лёгка, цёпла і ўтульна, нягледзячы на халоднае надвор’е. Падышлі іншыя альхоўцы, і неяк павесялела, пачуліся жарты і словы падтрымкі. Стала зразумела, што летнік — гэта адна вялікая і дружная сям’я настаўнікаў-аднадумцаў, якія зноў сабраліся ў Альхоўцы. У 25-ты раз!

Сёлета, як і заўсёды, у летнік прыехалі ў асноўным фізікі, але былі і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, замежнай мовы, матэматыкі, інфарматыкі і нават фізічнай культуры і здароўя. Прыветна сустрэў альхоўскі летнік 16 першагодкаў, тых, хто трапіў сюды ўпершыню. І сумаваць не было калі. Кожны дзень у летніку быў насычаны. М.І.Запрудскі праводзіў заняткі і па асноўнай тэме курсаў «Сучасныя электронныя сродкі навучання ў адукацыйным працэсе школы, гімназіі і ліцэя», і — факультатыўна — па сродках уключэння ў адукацыйны працэс пытанняў энергазберажэння (разам з метадыстам па фізіцы АПА К.А.Пятровым). Мікалай Іванавіч на ўводных занятках паказаў тыпалогію электронных сродкаў навучання, рэсурсы інтэрнэту, прафесійныя сеткі і іх магчымасці, умовы ўключэння ЭСН ва ўрок, а таксама некалькі сучасных вэб-сервісаў (xMind, GoogleDocs і інш.).

На курсах з карысцю для ўдзельнікаў прайшлі майстар-класы. У Алены Адасенка быў «Мантаж вучэбных відэафільмаў з дапамогай WindowsMovieMakeu 2.6, UleadVideoStudio 11, NeroLauncher». Аляксандр Сядзяка правёў лічбавы аналіз відэафрагментаў. Аляксандр Плятнёў пазнаёміў слухачоў курсаў са стварэннем электроннага партфоліа ў сістэме UCOZ.

Вялікую цікавасць выклікаў інтэрнэт-рэсурс «Мабільны рэпетытар: effort.by», які прэзентаваў яго дырэктар Андрэй Гутнікаў, спецыяль на для гэтага прыехаўшы ў Альхоўку з Мінска. Прэзентацыя зацікавіла ўсіх слухачоў курсаў. І тут жа была выказана прапанова пашырыць спіс прадметаў, прадстаўленых на сайце.

Многа карыснай інфармацыі для настаўнікаў прывёз у летнік Аляксандр Саковіч. Ён прадставіў свае сайты, электронны падручнік, рас казаў аб тым, як праводзіць вэбінары, навучыў рабіць анімацыі ў праграме PowerPoint. Многіх зацікавіла Эла Якубоўская з медыяадукацыяй у школе. Разам з Аленай Ананчыкавай яна прапанавала прэзентацыю «Медыйная і інфармацыйная пісьменнасць». А вынікі дыстанцыйных курсаў «Актыўная ацэнка» падвяла Тамара Мацкевіч. З выступленняў ментара курса Юрася Каласоўскага і іншых педагогаў, якія прайшлі курс дыстанцыйнага навучання, стала зразумела, што ў сучасную школу прыйшла тая тэхналогія, якая пазітыўна змяняе псіхалогію як настаўніка, так і вучня. Радуе, што актыўная ацэнка ўсё смялей і смялей укараняецца ў адукацыйных установах краіны.

У гульні «Хто хоча стаць фізікам?», якую распрацавалі Аляксандр Плятнёў, Віктар Кірэеў, Ніка Цішчанка, Яўгенія Лазарэнка пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Сугакевіча, прымалі ўдзел усе слухачы.
Цікавым і незвычайным стаў праект групы настаўнікаў розных прадметаў: фізічнай культуры і здароўя (Максім Мікуліч), беларускай мовы і літаратуры (Юрась Каласоўскі і Вольга Слаута), англійскай мовы (Кацярына Ляшчэвіч) і матэматыкі (Настасся Асэсарава) — «Выкарыстанне відэакантэнту на ўроках фізічнай культуры і здароўя, беларускай мовы, англійскай мовы, матэматыкі».

IMG 0399

Максім Мікуліч, які быў каардынатарам гэтага праекта (дарэчы, Максім з’яўляецца фіналістам Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», настаўнікам не толькі фізкультуры, але і інфарматыкі), падарыў кожнаму слухачу буклет «Метад відэааналізу на ўроках фізічнай культуры і здароўя».

Алена Сарока, Віктар Вайлапаў, Сяргей Гарбацэвіч, Віктар Герцык распрацавалі ўрок на аснове інтэрактыўнай дошкі «Віды цеплаперадачы». Юрый Клімовіч, Сяргей Цімашук і Вольга Званцова выканалі праект «Стварэнне анімацыі руху і інтэлект-карт пры вывучэнні раздзела «Кінематыка».

Не засталіся ўбаку і настаўнікі інфарматыкі, якія разам з настаўнікамі фізікі паказалі прэзентацыю «Стварэнне інтэрактыўнага тэста сродкамі праграмы MacromediaFlash» (Святлана Пузіноўская, Алена Адасенка, Надзея Драніца і Яўген Пархоменка), якую яны зрабілі для вывучэння праграмы Paskal у 10 класе. Творчая група ў складзе Іны Флёрык, Марыны Дудойдзь, Віктара Спірыдона і Галіны Унуковіч працавала над стварэннем інтэлект-карты «Магнітнае поле».

Свой праект «Аперацыі над фрагментамі вобразаў у графічным рэдактары PAINT» прэзентавалі Людміла Марціна, Алена Нікіфаровіч, Ганна Піскуновіч і Святлана Мацулевіч. Такім чынам, уся работа ў летніку была падпарадкавана агульнай тэме аўтарскіх курсаў М.І.Запрудскага «Сучасныя электронныя сродкі навучання». Зразумела, што ў час інфарматызацыі ў сферы нацыянальнай сістэмы адукацыі выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій і электронных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе накіравана на павышэнне эфектыўнасці і якасці навучання вучняў. І ўдзельнікі летніка сваімі творчымі напрацоўкамі яшчэ раз даказалі неабходнасць выкарыстання ЭСН у адукацыйным працэсе.

Непаўторнай стала сустрэча са старшынёй беларускай асацыяцыі «Конкурс» Генадзем Уладзіміравічам Няхаем, які падарыў кожнаму ўдзельніку летніка каштоўныя кнігі.

Яшчэ раз даказалі альхоўцы, што летнік — гэта асаблівае месца, дзе збіраюцца настаўнікі, аб’яднаныя адной мэтай, якія гатовы вучыцца і якія заўсёды гатовы падзяліцца з іншымі новымі крэатыўнымі ідэямі. Я сказала б, што гэта кузня, з якой выходзяць высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, сапраўдныя майстры сваёй справы.

 

Аднак летнік у Альхоўцы — гэта не толькі напружаная праца, не толькі вучоба, але яшчэ і адпачынак. Многія мерапрыемствы сталі ўжо традыцыйнымі. Цяжка ўявіць летнік без фізіка-спартыўнай паласы перашкод. Падчас начнога арыентавання кожнай камандзе неабходна было праявіць усе свае здольнасці і магчымасці, каб сарыентавацца ў начным лесе, знайсці пікеты, выканаць розныя заданні і паспяхова вярнуцца ў лагер.

А вечар песні... Толькі ўявіце: вечар, вогнішча на беразе Страчы... Вельмі блізка, не баючыся людзей, падплыла пара — лебядзіная сям’я. І пад сцішаныя гукі гітары гучаць песні. Гэта спявае Аляксандр Сядзяка. А калі прагучала ўсім вядомая « Зорка Венера» — спачатку на французскай мове, а потым на беларускай, — міжволі зашчымела сэрца.

А вечарам таго ж дня быў кацільён — рамантычны і незабыўны вечар вальса пад соснамі з кандэлябрамі, арганізатарамі якога сталі Анатоль Шуба і Яўгенія Лазарэнка. Якімі незвычайна прыгожымі былі жанчыны ў вячэрніх убраннях і якімі галантнымі былі іх кавалеры! Пачаўся вечар пад цудоўныя гукі ніколі не старэючага вальса. І вось пары закружыліся ў віхры танца, не звяртаючы ўвагі на шышкі і карані пад нагамі. Вечар быў насычаны танцамі, жартамі, грацыёзнасцю вышэйшага свету. Упрыгожаная кандэлябрамі, шарамі і кветкамі лясная зала стварала пачуццё нечага высокага і ўзвышанага.

 

У гэтым годзе альхоўскі летнік быў юбілейным. Надоўга запомніцца вечарына, прысвечаная яго 25-годдзю. Пад гукі ўрачыстага марша вядучыя — Вольга Званцова і Віктар Герцык — пачалі свята. Пасля вядучыя запрасілі заснавальніка летніка — Мікалая Іванавіча Запрудскага, які расказаў пра гісторыю, значныя падзеі і дасягненні праекта. Колькі сіл і намаганняў спатрэбілася ўкласці, каб гэтая творчая лабараторыя з году ў год збірала творчых, крэатыўных, неардынарных людзей!
Незвычайна прайшоў юбілейны канцэрт-віншаванне. Па чарзе на імправізаваную чырвоную дарожку выходзілі старажылы летніка, тыя, хто больш за іншых удзельнічаў у праекце: А.Аўсейчык, С.Гарбацэвіч, Л.Кітова, Г.Унуковіч, А.Шуба. Яны таксама падзяліліся сваімі ўспамінамі.

Традыцыйна Альхоўка папаўняецца новымі ўдзельнікамі. Кожны з іх прыехаў са сваімі марамі і спадзяваннямі. Для мяне Альхоўка стала своеасаблівай школай, дзе я набыла новыя веды і папоўніла сваю метадычную скарбонку, і непаўторным адпачынкам, і ... таямніцай. Кожны дзень адкрываў нешта новае. Здаецца, быццам і ведаеш, што будзе, але не. Кожны дзень непадобны на іншы, кожны дзень радуе нечым новым і цікавым. Так, напрыканцы летніка ўсіх, хто прыехаў сюды першы раз, чакаў дэбют, — канцэрт першагодкаў. Мы праявілі свой артыстычны талент, паказалі праект «Альховец — 2014. Версія 25.0», пры гэтым прадэманстравалі сваё бачанне альхоўскага летніка і выказалі ўражанне ад тыдня, які пражылі ў палатачным гарадку на беразе Страчы.
На працягу тыдня Аляксандр Саковіч, Алена Сарока, Алена Ананчыкава, Віктар Кірэеў і Ніка Цішчанка сачылі за рэкордамі. А пазнаёміў альхоўцаў з імі Аляксандр Саковіч. Самым значным рэкордам стаў стакіламетровы прабег марафонца Юрася Каласоўскага за 5 дзён. Кожны дзень ён прабягаў па 20 км, і пры гэтым вынік паляпшаўся. Таксама было адзначана, што 32% слухачоў курсаў — першагодкі, і вельмі паказальна, што 46% усіх альхоўцаў — мужчыны.

След у душы кожнага з нас пакінула экскурсія па найпрыгажэйшых мясцінах Астравеччыны. А пачалося падарожжа з наведвання касцёла Прасвятой Тройцы ў Гервятах. Далей шлях ляжаў у вёску Рымдзюны, куды нас сардэчна запрасіў дырэктар беларускай школы Віктар Спірыдон, які таксама быў удзельнікам летніка. Ён паказаў нам адзіны ў краіне літоўска-беларускі культурна-адукацыйны комплекс. Наступным прыпынкам стала вёска Міхалішкі, касцёл Святога Міхаіла Архангела XVII ст. Апошнім пунктам нашага падарожжа быў Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сарачанскія азёры».

Усё добрае некалі заканчваецца. Так і наш летнік. Ужо ўрачыста ўручаны пасведчанні аб заканчэнні курсаў, дыпломы ўдзельнікаў 25-га летніка, кнігі ад выдавецтва СЭР-ВІТ, ад Ю.Д.Ляшчынскага.

М.І.Запрудскі падзякаваў Альхоўскай і Міхалішскай школам і іншым партнёрам за дапамогу, а потым прапанаваў усім выказаць свае меркаванні наконт летніка. Гэта былі шчырыя словы пра тыдзень, які стаў значным і незабыўным у жыцці кожнага з нас.

Віктар Вайлапаў: «Я атрымаў новыя веды, прычым веды, якія маюць вельмі важны сацыяльны статус. Гэтыя веды я паспрабую данесці да сваіх калег і вучняў. I яшчэ: калі працуеш у калектыве творчых людзей, якія апантаны жаданнем даваць новыя веды дзецям, — гэта заўсёды прыемна, а вынікі гавораць самі за сябе. Амаль усе фізікі, якія сталі настаўнікамі-метадыстамі, прайшлі навучанне на курсах у летніку».

Эла Якубоўская: «У прафесійнай дзейнасці Альхоўка — гэта тыя курсы, якія вызначаюць кірунак далейшай дзейнасці. Пра ўсё новае даведваюся ў Альхоўцы».

Святлана Мацулевіч, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года: «Курсы ў Альхоўцы былі незвычайнымі. Адна з мэт, якую я паставіла перад сабой, — гэта знайсці новыя ідэі для падрыхтоўкі матэрыялаў вопыту работы да фіналу конкурсу «Настаўнік года». Лічу, што задача выканана. Па-першае, я больш канкрэтна вызначыла для сябе мэты свайго майстар-класа. Па-другое, яшчэ раз праслухала і выявіла крытэрыі і патрабаванні да правядзення конкурснага ўрока. Таксама з цікавасцю назірала за рознымі спосабамі падачы матэрыялу і паспрабавала інтэграваць іх у свой вопыт. Ну, і канечне, з’явіліся новыя сілы, аптымізм. Вялікі дзякуй Мікалаю Іванавічу за падтрымку, жаданне дапамагчы і за гэты фантастычны праект».

Як шчыра адзначыла прарэктар АПА Ірына Аляксандраўна Дзюба, «летнік — гэта тое месца, куды рвецца душа». I сапраўды, хто хоць адзін раз пабываў у гэтым летніку, імкнецца вярнуцца сюды зноў і зноў.

Выложил alsak
Опубликовано 14.08.14
Просмотров 2397
Рубрика Ольховка (курсы)
Тема Без тем